ССЫЛКА:https://dzyannica.by/content/akcent-na-maladyya-kadry-u-shchuchynskim-rayone-prayshla-instruktyuna-metadychnaya-narada-ab
Будучыня краіны ў руках моладзі, а таму прыцягненне ў наш раён маладых спецыялістаў і іх далейшае замацаванне на працоўным месцы мае вялікае значэнне для сацыяльнага і эканамічнага развіцця Шчучыншчыны. Як зрабіць наш рэгіён цікавым і прываблівым для моладзі? Гэтае пытанне стала ключавым у парадку дня інструктыўна-метадычнай нарады “Аб рабоце, якая праводзіцца з маладымі спецыялістамі”. Мерапрыемства прайшло на базе лесапаляўнічага комплексу Шчучынскага лясгаса і сабрала ідэалагічны актыў Шчучыншчыны.
У нарадзе таксама ўзялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Вераніка Дысько, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Анастасія Міхалоўская і першы сакратар Шчучынскай раённай арганізацыі БРСМ Віталія Леляўка.
Пачалася нарада з наведвання яе ўдзельнікамі мемарыяльнага комплексу “Музей. Зямлянка” ў вёсцы Зачэпічы. Дэлегацыя ўсклала кветкі ля памятнага знака і наведала экскурсію, арганізаваную вучнямі Орлеўскай СШ імя С.П. Шупені.
Далей удзельнікі нарады перамясціліся ў “Дом паляўнічага” ДЛГУ “Шчучынскі лясгас”, дзе абмеркавалі моладзевую палітыку ў нашым раёне.
Спачатку Вераніка Дысько выступіла з дакладам, у якім прааналізавала работу ідэалагічнай вертыкалі Шчучынскага раёна за 9 месяцаў 2023 года.
Затым аб рабоце, якая праводзіцца з маладымі спецыялістамі ў нашым раёне, расказала Анастасія Міхалоўская. Падчас даклада было прэзентавана распрацаванае аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі палажэнне аб рабоце з маладымі спецыялістамі. Палажэнне ўтрымлівае карысныя парады і рэкамендацыі, якія маюць на мэце арганізацыю камфортных умоў працы для маладога спецыяліста.
Так, адным з найважнейшых тэзісаў гэтага метадычнага дапаможніка з’яўляецца дапамога ў адаптацыі. Арганізацыям раёна прапануецца паляпшаць сістэму настаўніцтва, у рамках якой дасведчаныя супрацоўнікі ў якасці куратараў будуць дапамагаць маладым спецыялістам развіваць іх прафесійныя здольнасці. Таксама ў палажэнні быў зроблены акцэнт на дамовы па мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, якія дапамагаюць замацаваць ураджэнцаў Шчучыншчыны на малой радзіме. Важным аспектам працы з маладымі спецыялістамі таксама лічыцца арганізацыя адмысловых карпаратыўных мерапрыемстваў, забеспячэнне камфортным жыллём і годнай заработнай платай. Палажэнне было аформлена ў якасці брашур, напрыканцы мерапрыемства іх раздалі ідэалагічнаму актыву раёна.
Немалаважна звяртаць увагу на тое, як маладыя спецыялісты праводзяць свой вольны час, адзначыла Віталія Леляўка. Яна расказала ўдзельнікам нарады аб мерапрыемствах, якія БРСМ арганізоўвае ў нашым раёне. Папулярнасцю карыстаюцца інтэлектуальныя гульні, музычныя квізы і спартыўныя мерапрыемствы. Сярод нядаўніх новаўвядзенняў у гэтай сферы можна лічыць эксперыментальны праект “Краса Шчучыншчыны”. Унікальны конкурс прыгажосці сярод працуючай моладзі сёлета праводзіўся ўпершыню, ёсць планы арганізаваць яго і ў наступным годзе. Віталія Леляўка выказала надзею, што “Краса Шчучыншчыны” стане добрай традыцыяй для нашага раёна.
Напрыканцы нарады намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Шчучынскага лясгаса Алеся Стасюкевіч падзялілася досведам сваёй арганізацыі па прыцягненні і замацаванні маладых спецыялістаў:
– Вялікая ўвага ў нашай арганізацыі надаецца прафарыентацыйнай рабоце. На базе школ праводзяцца акцыі і адкрытыя заняткі. Дзецям прывіваецца любоў да лесу, арганізоўваюцца пазнавальныя экскурсіі па аб’ектах лясгаса. Такім чынам мы ствараем цікавасць да прафесій лясной гаспадаркі, і гэта дае вынікі.
Алеся Стасюкевіч таксама расказала аб трывалых традыцыях настаўніцтва ў Шчучынскім лясгасе.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.